ША́ХТАВЫ СТВОЛ,

вертыкальная ці нахіленая горная вырабатка, што злучае падземную частку шахты з паверхняй зямлі. Умацоўваюць Ш.с. маналітным бетонам, жалезабетонам, цюбінгамі. Адрозніваюць Ш.с. разведачныя, эксплуатацыйныя (гал. і дапаможныя) і спец. (для падземных збудаванняў). Гал. Ш.с. прызначаны для падымання на паверхню карысных выкапняў, дапаможныя — для перамяшчэння (спуску — падымання) людзей і грузаў, вентыляцыі, водаадліву і інш. У залежнасці ад глыбіні залягання карысных выкапняў падзяляюцца на неглыбокія (да 300 м), сярэдняй глыбіні (да 700 м), глыбокія (да 1200 м), звышглыбокія (больш за 1200 м). Дыяметр Ш.с. 4—9 м. Выкарыстоўваюць Ш.с. пры падземнай распрацоўцы радовішчаў карысных выкапняў, пракладцы тунэляў.

А.​А.​Калагрыўка.

т. 17, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)